СУСВЕ́ТНАГА ПРЫЦЯГНЕ́ННЯ ЗАКО́Н, Ньютана закон прыцягнення,

закон прыцягнення ў класічнай механіцы. Паводле С.п.з. кожныя матэрыяльныя целы з масамі m1 і m2 прыцягваюцца ў напрамку адно да аднаго з сілай F→(r), модуль якой прама прапарцыянальны здабытку іх мас і адваротна прапарцыянальны квадрату адлегласці r паміж целамі: F = Gm1m2/r​2, дзе G — гравітацыйная пастаянная. Адкрыты І.Ньютанам у 1665—66 на аснове аналізу Кеплера законаў (апублікаваны ў 1687).

С.п.з. апісвае гравітацыйнае ўзаемадзеянне ў выпадку слабых палёў прыцягнення і малых скарасцей руху ўзаемадзейных цел. Справядлівы для цел адвольнай формы, лінейныя памеры якіх значна меншыя за адлегласць паміж імі, а таксама для шаравых цел з аднародным ці канцэнтрычным размеркаваннем шчыльнасці мас унутры цела. Сіла F→(r) з’яўляецца патэнцыяльнай сілай, таму гравітацыйнае поле апісваецца скалярным патэнцыялам φ(r), які задавальняе Пуасона ўраўненне і пры цэнтральна-сіметрычным размеркаванні рэчыва роўны φ = −GM/r, дзе M — поўная маса крыніцы поля. Паколькі сіла прыцягнення, што дзейнічае на пробнае цела, прапарцыянальная яго масе, то набытае целам паскарэнне залежыць толькі ад гравітацыйнага патэнцыялу: g→ (r) = −gradφ . С.п.з. пацверджаны астр. назіраннямі за рухам цел Сонечнай сістэмы, падвойных зорак, прадказаннем планеты Нептун. Мяркуюць, што ў касм. маштабах ён выконваецца да r ~ 10​20 м. На малых адлегласцях праверка С.п.з. ўпершыню праведзена Г.Кавендышам у 1798. Паводле сучасных эксперым. даных (2001), С.п.з. выконваецца да r ~ 2∙10​−4 м. На яго аснове тлумачацца марскія прылівы і адлівы, вызначаюцца рух, будова і эвалюцыя нябесных цел, іх масы і фігуры.

Літ.:

Сретенский Л.Н. Теория ньютоновского потенциала. М.; Л., 1946;

Дубошин Г.Н. Теория притяжения. М., 1961;

Богородский А.Ф. Всемирное тяготение. Киев, 1971;

Экспериментальные тесты теории гравитации. М., 1989.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 15, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)